ЭЛЕКТРАДЫНА́МІКА РУХО́МЫХ АСЯРО́ДДЗЯЎ,

раздзел электрадынамікі, у якім вывучаюцца эл.-магн. з’явы (у т. л. выпрамяненне і распаўсюджванне эл.-магн. хваль) у асяроддзях, што раўнамерна рухаюцца.

Эксперым. факты і тэарэт. распрацоўкі па Э.р.а. назапашваліся на працягу некалькіх стагоддзяў (напр., Аберацыя святла, Доплера эфект, Майкельсана дослед, Фізо метад), аднак не маглі атрымаць поўнага тлумачэння ў межах класічнай (нерэлятывісцкай) фізікі на аснове канцэпцыі сусветнага эфіру. У 1908 Г.Мінкоўскі даказаў, што Максвела ўраўненні для нерухомых асяроддзяў у спалучэнні з адноснасці прынцыпам А.​Эйнштэйна вызначаюць эл.-магн. поле ў рухомым асяроддзі Пры гэтым сувязь паміж напружанасцямі і індукцыямі адпаведна эл. і магн. палёў вызначаецца на аснове законаў спец. адноснасці тэорыі. Прыкладамі з’яў, якія падпарадкоўваюцца Э.р.а., з’яўляюцца сінхратроннае выпрамяненне і Чаранкова—Вавілава выпрамяненне.

Літ.:

Беккер Р. Электронная теория: Пер. с нем. М.; Л., 1936;

Тамм И.Е. Собр. научных трудов. Т. 1. М., 1975;

Яго ж. Основы теории электричества. 10 изд. М., 1989.

А.​І.​Болсун.

т. 18, кн. 1, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)